ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д ХЛАРАВА́НЫ, перхлорвінілавая смала,
тэрмапластычны прадукт хларавання полівінілхларыду. Хлараванне паляпшае растваральнасць і павышае цеплаўстойлівасць зыходнага полівінілхларыду (ПВХ).
Адрозніваюць П.х. растваральны (атрымліваюць хлараваннем ПВХ у растворы, мае 62—64% хлору і добра раствараецца ў ацэтоне, хлараформе, ксілоле і інш.) і П.х. цеплаўстойлівы (атрымліваюць хлараваннем воднай суспензіі ПВХ, мае 64—70% хлору; нерастваральны). Выкарыстоўваюць П.х. растваральны як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці перхлорвінілавых лакаў і эмалей, абутковага клею, для вырабу валокнаў (гл. Полівінілхларыдныя валокны); П.х. цеплаўстойлівы для вытв-сці труб (для гарачай вады) і машынабуд. дэталяў.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)